Абазначэнне часу дзеепрыслоўямі
Дзеепрыслоўе, як нязменная форма дзеяслова, марфалагічна не можа выражаць часавых значэнняў — форм часу дзеепрыслоўі не ўтвараюць. Калі ў дзеясловах форма часу абазначае адносіны дзеяння да моманту гутаркі (гавару — гаварыў — буду гаварыць), то ў дзеепрыслоўях значэнне часу выражаецца толькі ў адносінах да часу дзеяслова-выказніка, г. зн. ім уласціва толькі адноснае абазначэнне часу. Дзеепрыслоўе незакончанага трывання абазначае звычайна незакончанае дадатковае дзеянне, якое адбываецца ці адбывалася адначасова з асноўным дзеяннем, выражаным дзеясловам-выказнікам: Асірацелыя старыя дубы ў чорных шапках бусліных гнёздаў спакойна стаялі, не варушачы ніводным лістам... (К-с). Яны [маладыя] ступаюць смела па зямлі, свае пратоптваючы сцежкі (Грах.). Лясны жаваранак вольны, снуючыся ў яснай сіні, песню пеў у жытнім кліне (К-с). Дзеепрыслоўе закончанага трывання абазначае закончанае дадатковае дзеянне, якое адбылося раней за асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам: Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам задумалася, аслабіла рукі (I. М.). Падышоўшы бліжэй, Грыбаед моўчкі паклаў у доле вінтоўку, стомлена сеў і зняў шапку (В. Б.). Стаўшы на каленкі і спаласнуўшы далоні ў вадзе, Хрысця зачэрпнула поўныя прыгаршчы і прыпала да іх вуснамі (Бр.). Гэта назіраецца не толькі тады, калі дзеепрыслоўе стаіць перад дзеясловам-выказнікам, а і ў тых выпадках, калі яно знаходзіцца пасля выказніка: Глядзелі хлопцы, як на дзіва, як дзядзька, цеста замяшаўшы, качаў галушкі, міску ўзяўшы (К-с). Вада з глыбінь зямлі бруіцца, прабіўшы дужыя пласты (Бр.). Тут жа, у лесе, размясціліся нанач, адпусціўшы сялянскую фурманку (Лыньк.). Дзеепрыслоўе можа прымыкаць да дзеяслова-выказніка розных часоў — цяперашняга, прошлага і будучага: Ідучы па сцежцы, мы захапляемся вясновай раніцай. Ідучы па сцежцы, мы захапляліся вясновай раніцай. Ідучы па сцежцы, мы будзем захапляцца вясновай раніцай. Хоць час дзеяслова ва ўсіх гэтых выпадках мяняецца, часавае значэнне дзеепрыслоўяў застаецца тое самае: падкрэсліваецца, што абодва дзеянні адбываюцца адначасова (ідзём і захапляемся, ішлі і захапляліся, будзем ісці і захапляцца). Такім чынам, катэгорыі часу дзеепрыслоўі не маюць, яна злілася ў іх з катэгорыяй трывання і не выражаецца ні лексічным значэннем, ні формаўтваральнымі суфіксамі.
|