Славеснасці і поглядаў на яе
Літаратура з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных і даступных відаў мастацтва, бо яна ёсць мастацтва слова. Заўважым, што тэрмін «літаратура» побач з азначэннем мастацтва слова ўжываецца таксама ў дачыненні да любых твораў чалавечай думкі, якія замацаваны ў пісьмовым слове і маюць грамадскае значэнне. Ёсць літаратура тэхнічная, навуковая, публіцыстычная, даведачная, эпісталярная і інш. Аднак у звычайным і больш строгім сэнсе літаратурай называюць творы мастацкага пісьменства. Сам тэрмін «літаратура» ўзнік параўнальна нядаўна і пачаў шырока ўжывацца толькі ў ХVІІІ ст., выцесніўшы тэрміны «паэзія» і «паэтычнае мастацтва», якімі сёння абазначаюцца вершаваныя творы. Ён быў вызваны да жыцця кнігадрукаваннем, якое, з’явіўшыся ў сярэдзіне ХV ст., параўнальна хутка зрабіла «літаратурную» (прызначаную для чытання) форму бытавання мастацтва слова асноўнай і самай распаўсюджанай сярод іншых відаў мастацтва. Раней жа мастацтва слова існавала перш за ўсё для слыху, для публічнага выканання і разглядалася як умелае, адмысловае ажыццяўленне «паэтычнага» дзеяння сродкамі асаблівай паэтычнай мовы («Паэтыка» Арыстоцеля, іншыя старажытныя і сярэдневяковыя эстэтычныя трактаты Захаду і Усходу). Літаратура як мастацтва слова ўзнікла на глебе вуснай народнай творчасці ў глыбокай старажытнасці — у перыяд фарміравання дзяржавы, якая побач з усімі характэрнымі для яе інстытутамі спарадзіла таксама і развітую форму пісьменства. Аднак першапачаткова літаратура не выдзялялася з пісьменства ў шырокім сэнсе слова. У старажытных помніках, такіх, напрыклад, як «Біблія», «Махабхарата», «Аповесць мінулых часоў», элементы славеснага мастацтва існуюць у непарыўным адзінстве з элементамі міфалогіі, рэлігіі, начаткамі прыродазнаўчых і гуманітарных навук, маральнымі і практычнымі ўказаннямі, рознага роду інфармацыяй і г. д. Разам з тым сінкрэтычны характар ранніх літаратурных помнікаў ні ў якім разе не дазваляе лічыць іх эстэтычна бескаштоўнымі, бо тая форма рэлігійна-міфалагічнай свядомасці, якая адлюстравалася ў гэтых помніках, была па сваёй структуры вельмі блізкай да мастацкай. Хоць, як вынікае з прыведзеных вышэй звестак, гісторыя мастацкай літаратуры налічвае некалькі тысячагоддзяў, літаратура ў тым сэнсе слова, у якім яно ўжываецца сёння, фарміруецца і ўсведамляе сябе толькі з пачаткам нараджэння новага, буржуазнага грамадства. Славесна-мастацкія творы мінулых часоў таксама набываюць у дадзеную эпоху спецыфічна літаратурнае быццё, перажываючы пры гэтым істотныя змены ў новым — чытацкім (а не вусным) успрыманні. Адначасова ідзе працэс разбурэння нарматыўнай паэтычнай мовы: літаратура ўбірае ў сябе элементы агульнанароднай мовы, яе слоўны «матэрыял» становіцца універсальным. Заўважым, што эстэтыка ХІХ ст. (Гегель, рамантыкі і інш.) пачынае ставіць на першы план чыста змястоўную, духоўную своеасаблівасць літаратуры і ўсведамляць яе ў першую чаргу не ў шэрагу іншых відаў мастацтва, а побач з навуковымі, філасофскімі, публіцыстычнымі відамі пісьменства. Аднак к сярэдзіне ХХ ст. усталёўваецца сінтэтычнае разуменне літаратуры, а менавіта разуменне яе як адной з форм мастацкага засваення свету, як творчай дзейнасці, што належыць мастацтву, але разам з тым з’яўляецца такой разнавіднасцю мастацкай творчасці, якая займае ў сістэме мастацтваў асаблівае, прыярытэтнае і вядучае месца. Гэта, дарэчы, зафіксавана ў няхай сабе не зусім правільным з фармальна-лагічнага пункту гледжання, але ж усё-такі надзвычай шырокаўжывальным словазлучэнні «літаратура і мастацтва». Адзнакі літаратуры як вядучага віду мастацтва праяўляюцца ў многім. Па-першае, літаратура вельмі чулая да пульсу эпохі: яна жыва і непасрэдна адгукваецца на павевы часу, на новае, перадавое, прагрэсіўнае ў жыцці, хутка і аператыўна перадаючы ўсё гэта сваім чытачам. Так, напрыклад, агульнапрызнаным лічыцца ўплыў рускай класічнай літаратуры ХІХ ст. на грамадскую атмасферу тагачаснай Расійскай імперыі, альбо ўплыў беларускай літаратуры канца ХІХ — пачатку ХХ стст. на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці нашага народа. Па-другое, многія мастацтвы грунтуюцца на літаратурнай аснове. Сярод іх — тэатр, кіно, тэлебачанне, эстрада, опера і некат. інш. Па-трэцяе, многім відам мастацтва творы літаратуры, растыражыраваныя (асабліва ў апошнія два стагоддзі) у сотнях тысяч экзэмпляраў, «падказваюць» сюжэты, матывы, вобразы, выступаючы ў дадзеным выпадку ў якасці першакрыніцы. Ёсць таксама шэраг іншых момантаў, якія выводзяць літаратуру на адно з самых вядучых месцаў у агульнай мастацкай «сям’і». Вытокі, першапрычыны гэтага ляжаць у спецыфіцы і магчымасцях яе мастацка-выяўленчага матэрыялу і сродку стварэння вобразаў — чалавечага слова.
|