Правілы пастаноўкі шматкроп’я
1. Шматкроп'е ставіцца ў канцы апавядальнага сказа для абазначэння незакончанасці выказвання.
Напрыклад: Няма Хатыні... Звоняць толькі званы. (Р. Мачульскі). І змоўклі абодва надоўга, думалі кожны пра сваё... (Б. Сачанка). Беларусь, Беларусь, ні канца, ні краю... (Я. Брыль). Толькі б ціха на свеце было, толькі б ціха... (Н. Гілевіч). Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска Ямшчына. За Ямшчынай проста дарога на поўдзень. Адлічыш па дарозе дзве першыя вёскі... (К. Чорны). Людзі ездзяць, а ты... (Я. Брыль).
2. Шматкроп'е ставіцца пасля апошняга слова пералічэння, калі яно абрываецца.
Напрыклад: У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева... (І. Шамякін). Ёсць кулямёты, ёсць аўтаматы. І шаблі, карабіны... (Б. Сачанка). Чуецца гоман мне спелае нівы, ціхая жальба палёў, лесу высокага шум-гуд шчаслівы, песня магутных дубоў... (Я. Колас).
3. Шматкроп'е ставіцца для абазначэння нечаканых перапынкаў, перарывістасці ў маўленні, што ўзнікаюць у выніку перажыванняў, хвалявання чалавека або пошуку спосабу выражэння думкі.
Напрыклад: – Я... так... хлопец... падарожны, праз сябе сам... Я... нічый! – і пры гэтым асцярожна ён [Сымон] зірнуў на дзедаў кій. (Я. Колас). Я хацеў сказаць, што мы... сёння... не сустракаемся... (І. Мележ). Чакай, як жа яе [настаўніцу] звалі... Гм, Людміла Рыгораўна... Людміла Рыгораўна Капуцкая... Здаецца, зусім нядаўна тое ўсё было... А колькі чаго перажыта!.. (Б. Сачанка). А Сава сказаў коратка і проста: «Для мяне, хоць зараз...» – «Нічога...– перабіў Паддубны. – Толькі канспірацыя... прашу... Асцярожна. Вывучайце сваіх людзей...» (П. Пестрак). – Антоська!.. родны мой! канаю... перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... як лепшы брат, як родны сын (Я. Колас). – Я спужаўся?! – разгарачыўся Лявон. – Я спуж … (З. Бядуля).
4. Шматкроп'е ставіцца ў пачатку, у сярэдзіне, у канцы цытаты, каб паказаць, што ў гэтых месцах прапушчаны словы.
Напрыклад: К. Крапіва, раскрываючы сутнасць сатырычных твораў, адзначае: «...рэзананс сатырычнага твора... залежыць ад значнасці аб'екта, на які гэты твор накіраваны». Доўгі час сяброўскія адносіны звязвалі І. Шамякіна з І. Мележам. «Безумоўна, жывучы па-суседску, – успамінае ён, – мы часта заглядвалі адзін да аднаго і вялі цікавыя літаратурныя размовы, больш спакойныя, глыбокія, чым нашы калектыўныя дыспуты...» І. Шамякін успамінае: «Пленум... надзвычай узбагаціў мяне» (В. Каваленка).
5. У лексікаграфічных працах пры пропуску часткі цытаты-ілюстрацыі звычайна ставяцца дзве кропкі.
Напрыклад: Усё.. аблічча дзяўчыны выдавала яе ўсходняе паходжанне (А. Васілевіч). Добра абмачыць касу, пацягнуць яе пад вадой і, падняўшы, глядзець, як.. цячэ ў раку тонкі струмень (Я. Брыль).
6. Калі скарачаецца цытата, у канцы якой павінен стаяць пытальнік або клічнік, то гэтыя знакі ставяцца пасля дзвюх кропак.
Напрыклад: Гэй! узвейце сваім крыллем, арляняты, буйна, бурна..! (Я. Купала). Параўн.: Гэй! узвейце сваім крыллем, арляняты, буйна, бурна, на мінулых дзён магіле, над санлівасцю хаўтурнай!
7. Шматкроп'е ставіцца ў дыялогу, каб паказаць маўчанне замест адказу на зварот суразмоўцы.
Напрыклад: – Дык што, пайшлі?– запыталася дзяўчынка. –... – Ну, чаго ты маўчыш?
8. Шматкроп'е ставіцца паміж абзацамі пры нечаканым пераходзе ад аднаго плана апавядання да другога.
Напрыклад: Яна была яшчэ зусім маладая, але на твары яе ляжаў адбітак перажытага. Цененькія маршчынкі сабраліся на яе ілбе і каля рота, сінія кругі былі пад вачыма, твар увесь быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй таксама быў у зямлі... Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца. За ім памыліся яшчэ два. Кабета падняла галаву і папрасіла дазвалення памыцца (К. Чорны).
Калі пераход ад аднаго плана апавядання да другога мае больш рэзкі характар, то шматкроп’е ставіцца ў канцы першага абзаца і ў пачатку другога.
Напрыклад: Ці помніць яна, што гаварыла вясною? Тады ў садзе белай пенай з ружовымі прасветамі цвілі яблыні... Цвілі, каб за ўсё лета антонаўкі выраслі, паспелі, сталі такімі, як некалі яна казала... ...Успомніла! Зірнула на Антона, усміхнулася, узяла самы большы яблык і паднесла да губ (І. Грамовіч).
9. Шматкроп'е можа ставіцца пасля «назоўнага тэмы» («назоўнага ўяўлення»).
Напрыклад: Хатынь... Мала хто чуў, мусіць, гэтую назву да вайны. Мала хто ведаў і самую вёску, якая згубілася сярод лясоў і пагоркаў Лагойшчыны. Максім Багдановіч... Кароткі быў яго жыццёвы век. Ён вымяраецца дваццаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа закончыў (А. Бачыла).
|