Студопедия — СТАНОВІШЧА Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў 1921 – 1939 гг.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

СТАНОВІШЧА Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў 1921 – 1939 гг.






Успомніце. 1. Якімі былі прычыны і мэты савецка-польскай вайны 1919—1920 гг.? 2. Якімі былі яе вынікі?

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Сацыяльна-эканамічнае развіццё заходнебеларускіх зямель. Паводле Рыжскага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. заходнебеларускія землі агульнай плошчай больш за 100 тыс. км2 і з насельніцтвам больш як 4 млн чалавек увайшлі ў склад Польшчы. Тэрыторыя Заходняй Беларусі была раздзелена на ваяводствы, паветы, гміны. Былі створаны Палескае, Навагрудскае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы, а таксама сетка паліцэйскіх устаноў — пастарункаў. Заходнюю Беларусь сталі называць «усходнімі крэсамі» Польшчы.

Прамысловасць, разбураная вайной, не аднаўлялася, прыходзіла ў заняпад. Сярод прамысловых прадпрыемстваў пераважалі харчовыя і дрэваапрацоўчыя. У 1938 г. прамысловасць краю давала ў 9 разоў менш прадукцыі, чым прамысловасць БССР, хоць да падзелу абедзве часткі мелі аднолькавы ўзровень развіцця і былі амаль роўныя па тэрыторыі і колькасці насельніцтва.

Заходняя Беларусь ператваралася ў аграрны прыдатак прамысловых раёнаў Польшчы, у рынак збыту прадукцыі, крыніцу таннай сыравіны і рабочай сілы. На яе тэрыторыі ўладарыў іншаземны капітал. У 1922 г. польскі ўрад прадаў англійскім і французскім прадпрымальнікам права на спілоўку дрэў Белавежскай пушчы і іншых лясных масіваў. Тытунёвая вытворчасць была перададзена ў арэнду італьянскім, а запалкавая — шведскім прадпрымальнікам.

Вельмі цяжка жылося ў вёсцы. Каля паловы зямельнага фонду належала памешчыкам ці іншым буйным уладальнікам, якія складалі менш за 1 % жыхароў сельскай мясцовасці. Шмат зямлі было ва ўласнасці каталіцкай царквы. Акрамя таго, за заслугі ў савецка-польскай вайне 1919—1920 гг. польскія ўлады раздавалі буйныя ўчасткі заходнебеларускіх зямель былым афіцэрам і чыноўнікам. Новых каланістаў называлі асаднікамі. Апошнія былі добра арганізаваны, узброены і выконвалі паліцэйскія функцыі адносна мясцовага насельніцтва. На тэрыторыі Заходняй Беларусі было расселена на хутарах каля 10 тыс. асаднікаў.

Пад маркай ліквідацыі цераспалосіцы і далёказямелля польскі ўрад праводзіў так званую камасацыю (землеўпарадкаванне ). Сялян прымушалі высяляцца на хутары. Але каб наладзіць хутарскую гаспадарку, патрэбны былі вялікія сродкі, якіх беднякі і сераднякі не мелі. Таму пры камасацыі іх землі пераходзілі да кулакоў і асаднікаў. Праводзілася таксама ліквідацыя сервітутаў (зямель сумеснага карыстання — выганаў, выпасаў, сенажацей і іншых угоддзяў).

Сяляне Заходняй Беларусі пакутавалі ад малазямелля і беззямелля. У пачатку 1930-х гг. сярод сельскага насельніцтва Заходняй Беларусі сяляне-беднякі складалі каля 70 %, сераднякі — 23 %, заможныя сяляне, асаднікі, шляхта — больш чым 6 %.

Цяжкае сацыяльнае і эканамічнае становішча дапаўнялася паліцэйскім тэрорам. Па ўсёй тэрыторыі «ўсходніх крэсаў» лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся пацыфікацыяй («уціхамірваннем»). У час пацыфікацый паліцэйскія разбуралі хаты сялян, знішчалі іх маёмасць, учынялі масавае збіванне насельніцтва. Пасля такога разбою жыхарам вёсак забаранялася запальваць святло вечарам, збірацца групамі, хадзіць у іншыя вёскі.

Вядучая роля ў правядзенні тэрору належала тайнай палітычнай паліцыі — дэфензіве. Яна шырока карысталася метадамі правакацый, паклёпу, запалохвання і фізічных катаванняў.

Нацыянальна-культурны прыгнёт. Міграцыя беларусаў у зарубежныя краіны. Польскія ўлады не прызнавалі беларускай нацыі і ставілі за мэту выкараніць нацыянальную свядомасць беларусаў і апалячыць іх. Статыстычныя звесткі аб нацыянальным складзе насельніцтва Заходняй Беларусі фальсіфікаваліся, да палякаў адносілі амаль усіх беларусаў-католікаў і шмат праваслаўных. На самай жа справе ў Навагрудскім, Палескім і Віленскім ваяводствах беларусаў было 67 %, а не 22,5 %, як сцвярджала афіцыйная польская статыстыка, палякаў — адпаведна 12—13 %, а не 42 %.

Да захопу Польшчай Заходняй Беларусі тут працавала 359 беларускіх школ, настаўніцкія семінарыі ў Свіслачы і Барунах, беларускія гімназіі ў Навагрудку, Нясвіжы, Клецку, Радашковічах і Вільні. У 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай навучальнай установы.

Але і польскіх школ было недастаткова. Каля 13 % дзяцей школьнага ўзросту нідзе не вучыліся, 43 % насельніцтва ва ўзросце звыш 10 гадоў было непісьменным. Інтэлігенцыі з карэнных беларусаў налічвалася зусім мала.

У дзяржаўных установах не дазвалялася карыстацца беларускай мовай. Беларусаў на дзяржаўную службу не бралі. Не было беларускіх тэатраў. Закрываліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю. Прагрэсіўныя газеты і часопісы канфіскоўваліся і зачыняліся, іх рэдактараў садзілі ў турму.

Цяжкае матэрыяльнае становішча, а таксама нацыянальна-культурны прыгнёт прымушаў беларусаў пакідаць гістарычную радзіму і мігрыраваць у краіны Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. З 1925 па 1938 г. з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны выехала больш за 78 тыс. чалавек.

Нацыянальна-вызваленчы, сялянскі і рабочы рух. Палітычныя партыі і арганізацыі. Цяжкае становішча працоўных штурхала іх на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У 1921—1925 гг. гэтая барацьба набыла характар партызанскай вайны. Партызаны спальвалі маёнткі памешчыкаў, сядзібы асаднікаў і чыноўнікаў, рабілі напады на паліцэйскія ўчасткі. Колькасць партызанаў даходзіла да 6 тыс. чалавек. У 1924—1925 гг. яны правялі каля 280 баявых аперацый. Найбольш вядомымі арганізатарамі партызанскай барацьбы на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі камуністы К. П. Арлоўскі, С. А. Ваўпшасаў, В. З. Корж, А. М. Рабцэвіч.

Урад Польшчы вымушаны быў увесці надзвычайнае становішча ў краі. Усюды дзейнічалі ваенна-палявыя суды і лютавалі карныя экспедыцыі. Рэпрэсіямі і тэрорам польскім уладам удалося задушыць партызанскі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Кіраўнікамі нацыянальна-вызваленчай барацьбы з’яўляліся Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў 1923 г., іншыя партыі і арганізацыі. КПЗБ змагалася супраць падпарадкавання краю іншаземнаму капіталу, за самавызначэнне Заходняй Беларусі і яе ўз’яднанне з БССР, за дэмакратычныя правы і 8-гадзінны рабочы дзень, канфіскацыю памешчыцкіх зямель і падзел іх без выкупу паміж сялянамі, скасаванне асадніцтва, за школу на роднай мове, устанаўленне рабоча-сялянскай улады, супраць нацыянальнага прыгнёту.

У 1925 г. была ўтворана Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) — масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя. Да пачатку 1927 г. колькасць яе членаў дасягнула 120 тыс. чалавек. Праграма Грамады ўключала патрабаванні самавызначэння Заходняй Беларусі, утварэння сялянска-рабочага ўрада, перадачы зямлі сялянам без выкупу, ліквідацыі асадніцтва, аддзялення царквы ад дзяржавы, арганізацыі школ на роднай мове.

У маі 1926 г. у Польшчы адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога была ўстаноўлена дыктатура на чале з маршалам Ю. Пілсудскім.

Напалоханы размахам нацыянальна-вызваленчай барацьбы, урад Польшчы ў студзені 1927 г. разграміў Беларускую сялянска-рабочую грамаду. Чатырыста дзевяноста яе кіраўнікоў і актывістаў былі прыцягнуты да судовай адказнасці і пасаджаны ў турмы. Сярод асуджаных былі кіраўнікі Грамады — Б. А. Тарашкевіч, С. А. Рак-Міхайлоўскі, П. П. Валошын і П. В. Мятла.

У гады сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг. становішча працоўных Заходняй Беларусі яшчэ болей пагоршылася. Шэраг забастовак рабочых мелі палітычны характар. Найбольш масавымі былі выступленні рабочых дрэваапрацоўчай прамысловасці, лесарубаў і возчыкаў у Белавежскай пушчы, а таксама ў Слонімскім павеце. Былі выпадкі захопу прадпрыемстваў рабочымі.

Яркай старонкай вызваленчай барацьбы ў вёсцы з’явілася ўзброенае выступленне сялян Кобрынскага павета ў жніўні 1933 г. Супраць аграрнай і падатковай палітыкі польскіх улад мужна змагаліся сяляне вёсак Заполле Карэліцкай гміны, Асташына Навагрудскага, Баранава Гродзенскага, Ляплеўка Брэсцкага паветаў. Усяго за 1931—1933 гг. адбылося больш як 460 выступленняў сялян, у якіх удзельнічала 140—150 тыс. чалавек.

У 1930-я гг. вядучая роля ў арганізацыі барацьбы працоўных Заходняй Беларусі па-ранейшаму належала КПЗБ. У 1934 г. партыя налічвала 4 тыс. камуністаў, пры гэтым каля 3 тыс. членаў партыі пастаянна знаходзіліся ў турмах. У шэрагах КПЗБ былі выхаваны буйныя арганізатары рэвалюцыйнага руху — І. К. Лагіновіч, А. С. Славінскі, В. З. Харужая, М. С. Арэхва, С. В. Прытыцкі, У. З. Царук і інш.

Прыход да ўлады ў Германіі А. Гітлера, прыняцце ў Польшчы ў 1935 г. новай канстытуцыі, ліквідацыя рэшткаў дэмакратычных свабод, зняволенне ў турмах і канцэнтрацыйным лагеры Бяроза-Картузская тысяч камуністаў і іншых апазіцыянераў карэнным чынам змянілі палітычную сітуацыю. Многія палітычныя партыі і арганізацыі краін Еўропы, у тым ліку Заходняй Беларусі і Польшчы, сталі на шлях стварэння адзінага народнага антыфашысцкага фронту, фронту барацьбы супраць пагрозы фашызму і вайны.

Пра салідарнасць працоўных Заходняй Беларусі з рабочымі і сялянамі іншых краін у барацьбе супраць адзінага ворага — фашызму — яскрава сведчыць той факт, што 137 яе ўраджэнцаў змагаліся ў складзе інтэрнацыянальных брыгад у Іспаніі. Салідарнасць працоўных Заходняй Беларусі і Польшчы праявілася ў масавай кампаніі за выратаванне жыцця С. В. Прытыцкага.

Развіваўся сялянскі рух. Найбольш значнай яго праявай стала забастоўка нарачанскіх рыбакоў. Для тысяч сялян-беднякоў, якія жылі на берагах Нарачы, лоўля рыбы з’яўлялася адзіным сродкам існавання. Але польскі ўрад, прызначыўшы высокую арэндную плату, перадаў возера дырэкцыі дзяржаўных лясоў, якая забараніла рыбакам свабодную лоўлю рыбы. Забастоўка пачалася вясной 1935 г. У ёй удзельнічала каля 5 тыс. сялян з больш як 40 навакольных вёсак. Сяляне выбралі забастовачны камітэт, стварылі дружыны самаабароны, праганялі варту і не дапускалі на возера штрэйкбрэхераў, якія пагадзіліся з польскімі правіламі лоўлі рыбы. Дзякуючы настойлівасці забастоўшчыкаў улады вымушаны былі пайсці на ўступкі. Калі сяляне пачалі лавіць рыбу, яны не адважыліся ўжыць рэпрэсіўныя меры.

Разам з тым на развіццё нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху адмоўна паўплывалі неабгрунтаваны роспуск у жніўні 1938 г. Камінтэрнам Камуністычнай партыі Польшчы і яе складовай часткі — Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, а таксама пакаранне смерцю савецкімі ўладамі многіх кіраўнікоў Кампартыі Заходняй Беларусі як «агентаў польскай дэфензівы». Абвінавачанне супраць іх было ілжывым. Добрае імя КПЗБ, яе кіраўнікоў і дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху было адноўлена ў 1956 г.

Стан культуры ў Заходняй Беларусі. Важную ролю ў жыцці Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. адыграла Таварыства беларускай школы (ТБШ) — масавая культурна-асветніцкая арганізацыя, створаная ў 1921 г. У пачатку 1930-х гг. ТБШ налічвала каля 500 гурткоў і 30 тыс. актывістаў. Таварыства змагалася за пісьменнасць насельніцтва, за адкрыццё новых і захаванне існуючых беларускіх школ, стварала клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала мастацкую самадзейнасць, народныя хары, выдавала падручнікі, спеўнікі. Актыўна працавалі сярод насельніцтва драматычныя гурткі, створаныя мясцовымі аддзеламі ТБШ.

У цяжкіх умовах нацыянальнага прыгнёту была падрыхтавана і выхавана значная колькасць беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэта Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма, Міхась Забэйда-Суміцкі, паэты Максім Танк (Яўген Скурко) і Валянцін Таўлай, пісьменнік Піліп Пестрак і многія іншыя дзеячы культуры. У 1937 г. дзейнасць Таварыства беларускай школы была забаронена.

Пытанні і заданні для самаправеркі:

1. Ахарактарызуйце палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае становішча Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.

2. Назавіце партыі і арганізацыі, якія ўзначалілі нацыянальна-вызваленчую барацьбу насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.

3. Якія формы нацыянальна-вызваленчай барацьбы выкарыстоўваліся ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.? Якімі былі яе вынікі?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку:

1. Дайце азначэнні паняццяў: камасацыя, асаднікі, сервітуты, дэфензіва, пацыфікацыя.

2. Параўнайце па самастойна вызначаных крытэрыях:

а)праграмныя патрабаванні КПЗБ і БСРГ;

б)развіццё Заходняй Беларусі і БССР у 1920—1930‑я гг.

Зрабіце вывады.

3. Абапіраючыся на краязнаўчы матэрыял, падрыхтуйце паведамленне пра развіццё вашага раёна ў 1920—1930‑я гг.

4. Завяршыце запаўненне табліцы.

Беларускі нацыянальны рух у 1914—1939 гг.

Перыяды Гістарычныя ўмовы Дзеячы Мэты Сродкі дасягнення Вынікі
1921—1939 гг.          

Ілюстрацыі.

1. Цэнтральны сакратарыят Беларускай сялянска-рабочай грамады. 1926 г., с. 210

2. Дзеячы культуры – удзельнікі вечара беларускай паэзіі і песні ў Віленскім універсітэце. Вільня. 15 сакавіка 1936 г., с. 213







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1943. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Теория усилителей. Схема Основная масса современных аналоговых и аналого-цифровых электронных устройств выполняется на специализированных микросхемах...

Билиодигестивные анастомозы Показания для наложения билиодигестивных анастомозов: 1. нарушения проходимости терминального отдела холедоха при доброкачественной патологии (стенозы и стриктуры холедоха) 2. опухоли большого дуоденального сосочка...

Сосудистый шов (ручной Карреля, механический шов). Операции при ранениях крупных сосудов 1912 г., Каррель – впервые предложил методику сосудистого шва. Сосудистый шов применяется для восстановления магистрального кровотока при лечении...

Трамадол (Маброн, Плазадол, Трамал, Трамалин) Групповая принадлежность · Наркотический анальгетик со смешанным механизмом действия, агонист опиоидных рецепторов...

Примеры задач для самостоятельного решения. 1.Спрос и предложение на обеды в студенческой столовой описываются уравнениями: QD = 2400 – 100P; QS = 1000 + 250P   1.Спрос и предложение на обеды в студенческой столовой описываются уравнениями: QD = 2400 – 100P; QS = 1000 + 250P...

Дизартрии у детей Выделение клинических форм дизартрии у детей является в большой степени условным, так как у них крайне редко бывают локальные поражения мозга, с которыми связаны четко определенные синдромы двигательных нарушений...

Педагогическая структура процесса социализации Характеризуя социализацию как педагогический процессе, следует рассмотреть ее основные компоненты: цель, содержание, средства, функции субъекта и объекта...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.012 сек.) русская версия | украинская версия